Дзiцячыя часопісы

Дзiцячыя часопісы:

Часопіс "Вясёлка"

http://www.veselka.by

Навінкі ў кнігарнях:

  • Сяржук Вітушка: Дзінь-дзілінь. Пара гуляць у казкі

Кніга выйшла ў выдавецтве Зміцера Коласа, у 2011 годзе. 114 каляровых, прыгожа ілюстраваных старонак пад цвёрдай вокладкай. Гэта казкі для дзетак і дарослых. Паводле вядомых сюжэтаў беларускага фальклору і класічнай літаратуры аўтар прапаноўвае свае версіі казак. Кніга падштурхоўвае чытача пафантазіраваць і прыдумаць уласныя версіі.  Кніга стала вынікам салідарнасці прыхільнікаў і чытачоў, якія супольна сабралі грошы, неабходныя для выдання кнігі. Легендарны лідэр колішніх “Талакі” і "Майстроўні" кажа, што ягоную кнігу выдавалі таксама талакою. Да друку кнігу рыхтавалі рэдактары, ілюстратары, карэктары таксама рыхтавалі па-сяброўску, без аплаты. Рэдагаваў кнігу Сяргей Дубавец, які для гэтага рэгулярна наведваў Вітушку ў лякарні, і некалькі месяцаў даводзілася выкройваць час паміж медычнымі працэдурамі. Малюнкі для кнігі зрабіў Міхал Анемпадыстаў. Карэктуру вычытала сястра Сяргея – Ларыса Сагановіч. Насамрэч гэта ніякія не казкі-прыдумкі. Гэта чыстая праўда. Я доўгі час жыў ды працаваў у Вільні і Менску з ваколіцамі. І ўсе апісаныя мной імёны, адрасы, рэчы і падзеі адпавядаюць рэальнасці. Так што смела бярыце гэтую кнігу як інструкцыю і рушце ў сапраўднае падарожжа, - кажа Сяржук Вітушка. «Дзінь-дзілінь» па выніках 2011 году выйшла на 7 месца ў рэйтынгу па кольскасці прададзеных асобнікаў у кнігарні "логвінаЎ". «Дзінь-дзілінь» увайшла ў залатую дзясятку кніг 2011 году па версіі Радыё Свабода і заняла першае месца ў намінацыі "Дзіцячая літаратура".

  • Крынічка Буль-Буль

Анатоль Жук, Віялета Богдан, Уладзімір Васькоў. "Крынічка Буль-Буль" (казкі). Уклад. А.С.Масла. Ілюстрацыі Сафіі Піскун, Аксаны Аракчэевай, Лізаветы Пастушэнка. Мінск, "Мастацкая літаратура", 2010. - 67 с., ілюстрацыі. Як і ўсе кнігі серыі "Беларуская аўтарская казка", выданне змяшчае творы розных аўтараў. Для самых маленькіх - "Зубная казка", "Лёцік" і "Сандалікі" Віялеты Богдан. Проста і даходліва, як мама свайму дзіцяці, аўтарка распавядае малым чытачам, чаму трэба чысціць зубкі, слухацца маму з татам, ашчадна ставіцца да рэчаў... Адметнасць: арыгінальныя сюжэты, лёгкі стыль. Далей па ўзросце - казкі Анатоля Жука: "Крынічка Буль-Буль", "Вятрак-вандроўнік", "Заечы дамок і заечая капустка", "Прыгажуня", "Зорачка". Калі акрэсліць каротка - гэта алегарычныя творы пра агульначалавечыя каштоўнасці. Адметнасць: філасафічнасць і павучальнасць.  Для старэйшых дзяцей (і для дарослых таксама!) - "Дахавік Казік" Уладзіміра Васькова. Казачныя героі - дахавікі Казік і Юзік - жывуць... так і хочацца сказаць "у Менску" у сучасным горадзе і займаюцца звыклымі рэчамі: чытаюць газеты і стэлефаноўваюцца праз мабільнік, уладкоўваюцца на працу, каб зарабіць грошай і набыць тэлевізар... Адметнасць: добры гумар і пазнавальныя сітуацыі.

  • Сонечны кошык

Мікола Чарняўскі. "Сонечны кошык": вершы, казкі, прымаўлянкі-забаўлянкі, скорагаворкі, лічылкі, загадкі : для малодшага школьнага ўзросту. Мінск, "Мастацкая літаратура", 2009. - 174 с. Цвёрдая вокладка, ілюстрацыі на кожнай старонцы. Мастакі Надзея Барай, Алена Карповіч. Тэматычна новая кніга вядомага паэта, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. Чарняўскага вельмі разнастайная. У ёй чытачы сустрэнуцца з вясёлымі і сур'ёзнымі, удачлівымі і няўдачлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі - героямі гумарыстычных вершаў; спазнаюць радасць хараства, што дораць нам сустрэчы з роднай прыродай; пабываюць у дзівосным свеце казак. Шмат займальнага і незвычайнага чакае іх таксама ў раздзелах, дзе змешчаны прымаўлянкі-забаўлянкі, скорагаворкі, загадкі, лічылкі.

  • Прыгоды Віруса Шкодзі

А. Бутэвіч. "Прыгоды Віруса Шкодзі": незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп'ютары : для малодшага школьнага ўзросту. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 62 с., мяккая вокладка. Маст. Наталля Кійко. Чарговая кніга серыі "Казкі ХХІ стагоддзя" адрасавана малодшым школьнікам, якія пачынаюць асвойваць бязмежную інтэрнэт-прастору. Карыстальнікам камп'ютараў, відаць, неаднойчы даводзілася сутыкацца з праблемамі, створанымі камп'ютарнымі вірусамі. Пра аднаго з іх і распавядаецца ў новай кнізе вядомага пісьменніка Анатоля Бутэвіча. Незвычайныя прыгоды і адмысловыя штукарствы хітрага, вераломнага - а часам наіўнага і нават... закаханага Віруса пацешаць юных чытачоў і дарослых.

поделиться в: