Беларуская цацка

Дарагі сябар, а ты ведаеш, якія цацкі былі ў нашых далёкіх продкаў? Не зусім? Тады давай разам зазірнём у гісторыю.

На Беларусі самымі старажытнымі і пашыранымі былі гліняныя цацкі. Яшчэ ў жалезным веку з'явіліся бразготкі - пустацелыя гліняныя шарыкі, яйкі з каменным шарыкам унутры, фігурныя цацкі свістулькі. Верагодна, што такія цацкі ў даўнія часы мелі не столькі забаўляльнае прызначэнне, колькі рытуальнае: свіст ці бразгаценне павінны былі адганяць злых духаў. Фігуркі людзей, якія абазначалі продкаў, хатніх жывёл, ляпілі з надзеяй на дабрабыт сям'і.

Масавы выраб гліняных цацак пачаўся ў 11-13 стагоддзях разам з развіццём ганчарства. Свістулькі рабліліся ў выглядзе птушак і конікаў, фігурак людзей. У 19-першай палове 20 стагоддзя гліняныя цацкі вырабляліся практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах Беларусі. Большасць цацак мела абагуленую, умоўную форму. Звычайна іх пакрывалі зялёнай, карычневай ці жоўтай палівай, а ў традыцыйных цэнтрах чорназадымленай керамікі цацкі мелі яшчэ і чорны колер.

Значная распаўсюджанне ў народным побыце мела драўляная цацка, якая звычайна была рухальнай: людзі намагаліся як бы ажывіць цацку. Папулярнымі былі пілавальшчыкі. Для пілавальшчыка-адзіночкі з дошчачкі выразалі схематычна сілуэт чалавечай фігуры, у плечы ўстаўлялі дзве палачкі-рукі, а ў іх жорстка мацавалі "пілу" з трэскі. Ніжні завостраны канец цацкі ўтыкалі ў бульбіну, якая служыла процівагай. Цацку ставілі на край стала, ш яна паціху пагойдвалася - "пілавала" ўяўнае бервяно.

Складаней было зрабіць парных пілавальшчыкаў. Адзін стаяў на дошчачцы-аснове, а другі - на перакладзіне, што імітавала падстаўку (сталюгу) для распілоўкі бярвенняў. Праз стойкі "сталюгі" і "пілу", за якую трымаліся фігуркі, прапускаўся каленчаты рыжачок з дроту. Круціш за рычажок - і пілавальшчыкі пілуюць. Дрывасекі ці кавалі (мядзведзь і каваль) рабіліся на гарызантальных палачках. На верхняй - адзін, на ніжняй - другі. Пасоўваеш палачкі ўправа-ўлева - і кавалі па чарзе б'юць па "кавалдзе".

Акрамя такіх рухомых драўляных цацак, рабілі і іншыя. Такія, напрыклад, як цацкі-птушкі. Іх падвешвалі над дзіцячымі калыскамі, і яны "ляталі" ад павеваў ветру. Тулава такой птушкі рабілі з цуркі (невялікая завостраная палачка), апрацаванай накшталт птушынага цела, хвастом была тая ж цурка, расшчэпленая на канцы на лучыны. Крылы рабілі таксама як і хвост, толькі з другой цуркі.

Цацкі з саломы рабілі з аднаго-двух па-рознаму складзеных і перавязаных саламяных пучкоў. Гэта былі позныя фігуркі: людзі, птушкі, жывёлы. Сюды ж можна аднесці і так званых павукоў. Гэта даволі аб'ёмныя, але лёгкія вырабы. З асобных саломінак спляталі геаметрычныя фігуры.

Таксама выраблялі лялькі - фігуркі чалавека. Да драўлянай цуркі мацавалі валасы з кудзелі, вуглём малявалі твар, а з кавалка тканіны шылі адзенне. Акрамя гэтага, майстравалі цацачную мэблю, посуд, прылады працы.

поделиться в: